Вы здесь: Главная > Новости > Виталь Гуркоў: «Да мяне былі прэтэнзіі, да прыкладу, такія: я бяру ўдзел у нібыта забароненым гурце, што я звязаўся з нейкай апазіцыяй»

Виталь Гуркоў: «Да мяне былі прэтэнзіі, да прыкладу, такія: я бяру ўдзел у нібыта забароненым гурце, што я звязаўся з нейкай апазіцыяй»

Чэмпiен свету па муай-тай Виталь Гуркоў рассказаў пра свае адносiны з Мiнiстэрствам спорту.

— Апроч фізічнай формы, для спартсмена перад спаборніцтвамі вельмі важны маральны настрой. Які ён у вас быў пасля усіх скандалаў?

– Я так прабіваўся на гэты чэмпіянат свету, быццам ён апошні ў жыцці. Таму я быў скіраваны толькі на перамогу. Мяне так людзі падтрымалі, людзі верылі ў маю перамогу і гэта толькі дадавала матывацыі. Калі казаць агулам, то адчуваў сябе спакойна. Праўда, акурат калі я быў на чэмпіянаце, майму дзядзьку Уладзіміру Гуркову зрабілі аперацыю на сэрцы. Я за яго вельмі хваляваўся. І вось, калі яго ўжо перавялі ў рэанімацыю, а я быў у паўфінале, атрымаў ад яго смс: “Я перамог і ты перамагай”. Гэта мяне моцна матывавала.

— Ведаеце, што вас цяпер называюць народным спартсменам?

– Мяне гэта проста шакавала! Але і прыемна было — гэта была рэальна народная падтрымка. Кажуць, што гэта заклік да адказнасці… Ведаеце, адказнасць у мяне ёсць заўжды. Але ж і сітуацыі бываюць розныя. Тым больш у спорце. Спорт — гэта вельмі непрадказальная дзейнасць. Сёння ты можаш быць чэмпіёнам і пераможцам, а заўтра здарыцца нейкая траўма, і гэта выб’е цябе з каляіны на доўгія гады. Альбо здарыцца нейкае паражэнне… Я ўжо быў на аперацыйным стале і ведаю, як гэта можа быць, і таму я па-філасофску стаўлюся да гэтага пытання.

— Міністр спорту ў размове з намі ўпэўніваў, што як толькі даведаўся пра складанасці з фінансаваннем вашай паездкі на чэмпіянат, то адразу даў загад усё вырашыць, і што шум у СМІ і сацсетках ніяк на гэтае яго рашэнне не паўплываў — верыце?

– Калі б гэтага шуму не нарабілі, то міністр проста б не даведаўся пра сітуацыю з адсутнасцю грошай на паездку. А яго асабістае стаўленне да мяне я ведаю і яно заўжды было пазітыўным. Калі я перамог у тытульным паядынку, то быў прыём у міністра спорту і ён віншаваў мяне з перамогай. Так што, тут ён не схлусіў, але калі б не было такога народнага шуму і рэзанансу, то ён бы проста не даведаўся пра сітуацыю.

— Пра ваш сыход з Мінспорту шмат чутак — што там адбылося на самой справе?

– У Федэрацыі мне адкрыта далі зразумець, што ім са мной не па дарозе. Куды вядзе іх дарога, я не ведаю, але мне казалі, што тое, што я раблю, дрэнна, і ім такі спартсмен у камандзе не патрэбны.

— Які такі?

– Ну, я ж не зусім звычайны спартсмен: я і ў рок-гурце бяру ўдзел, і ў нейкіх сацыяльных праектах. Да мяне былі прэтэнзіі, да прыкладу, такія: я бяру ўдзел у нібыта забароненым гурце, што я звязаўся з нейкай апазіцыяй… Што яны там сабе напрыдумлялі, я не ведаю. Карацей, мне далі зразумець, што сумяшчаць музычную дзейнасць са спортам у мяне не атрымаецца. Добра, сказаў я, і сышоў са стаўкі ў Мінспорту. Не, пры жаданні я мог бы працягваць там, але ёсць юрыдычныя нюансы. У маім кантракце распісана, калі, у якім зале і колькі часу я мушу трэніравацца. Такі трэніровачны графік. І калі я некуды еду, то гэта неабходна фіксаваць: куды я еду, навошта. Каб паехаць на канцэрт Brutto, я браў адпачынак за свой кошт. Але ў пэўны момант мне сказалі, што больш адпачынкаў за свой кошт мне даваць не будуць. Юрыдычна галоўны трэнер мае на гэта права. Атрымліваецца, што калі б я без згоды на адпачынак за свой кошт паехаў на канцэрт, то мяне маглі звольніць па артыкуле. І таму я зрабіў выбар і сышоў.

— Вось і вер чыноўнікам, якія сцвярджаюць, што палітыкі ў спорце няма і быць не можа…

– У спорце шмат палітыкі на самой справе. На кожным чэмпіянаце ўзнікаюць пытанні: хто з кім сябруе, у каго якая карысць… Я найперш кажу пра суддзяў і кіраўнікоў дэлегацый. Я не ведаю, што такое «спорт па-за палітыкай». Праўда, гледзячы, які сэнс укладваць у слова «палітыка»…

— Я так разумею, што на паездку ў Швецыю на чэмпіянат вашага асабістага трэнера Дзмітрыя Пясецкага ў Мінспорту грошай не знайшлося?

– Не, натуральна! І мне, безумоўна, складана было, але ён і раней не заўжды са мной ездзіў на спаборніцтвы. Цяжка павезці каманду, каб там хапала трэнераў… І калі ўзнікала пытанне, каго павезці, трэнера ці спартсмена, то бралі на аднаго спартсмена больш. Каб больш прывезці медалёў, відаць! Я да гэтага прывык. Апроч таго, са мной былі блізкія людзі — Юрась Булат, з якім я з маленства трэніраваўся, чэмпіён свету і выдатны трэнер. Быў яшчэ малады трэнер з Гомеля Іван Карпаў — на гэтым чэмпіянаце яго выхаванец таксама стаў пераможцам, першым чэмпіёнам свету з Гомеля. Яны мяне рыхтавалі да паядынку, дапамагалі мне.

— Не думалі пасля перамогі вярнуцца ў Мінспорту?

– Калі гэта будзе на маіх умовах і калі я змагу гэта спалучаць са сваімі музычнымі справамі, то я быў бы не супраць. Інакш сэнсу вяртацца туды я не бачу. Цяпер для мяне галоўнае, што дзякуючы гэтай перамозе, я прайшоў адбор на міжнародны чэмпіянат, што пройдзе ў наступным годзе пад патранажам Алімпійскага камітэта — я заваяваў ліцэнзію, – сказаў Гуркоў.

 

Комментирование записей временно отключено.